СЛО́НІМСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ СЯЛЯ́Н У абставінах гасп. разрухі ў 2-й пал. 17 ст., выкліканай вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і недахопам грошай у казне, сялянам Слонімскага староства выдавалі каралеўскія граматы, якія часткова замянялі паншчыну грашовым чыншам, а вёскі Какошчычы, Кракотка, Лапухова, Мяльканавічы, Перавалока, Саленікі, Сасноўка, Сялявічы, Чамяры, Якуцічы дамагліся права «сядзець» на «голым» чыншы. Калі трымальніца староства Г.​Сапега (жонка вял. гетмана ВКЛ П.​Сапегі) запатрабавала ад сялян выканання паншчыны і інш. павіннасцей адпаведна даўнейшым інвентаром, яны не пагадзіліся. Асабліва актыўна выступалі сяляне, якія былі на «голым» чыншы. У кастр. 1701 Г.​Сапега скардзілася ў слонімскі гродскі суд, што сяляне бунтуюць і адмаўляюцца выконваць паншчыну і інш. павіннасці. У 1720 хваляванні ахапілі Загжывальскае, Любішэцкае, Мяльканавіцкае і Чамерскае войтаўствы. У 2-й пал. 18 ст. тут адбыліся выступленні служылых людзей шэрагу баярскіх і канюшых вёсак. Да сярэдзіны 18 ст. яны «сядзелі» на грашовым чыншы. Спроба павялічыць павіннасці ў пач. 1750-х г. выклікала супраціўленне сялян-слуг. Сяляне не падпарадкоўваліся трымальніку Слонімскага староства на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Літ.:

Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытнасці да 1861 г. Мн., 1997;

Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в. Мн., 1982.

В.​І.​Мялешка.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)